ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

Гомельскае староства, буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г. Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г. дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)